АПО́ВЕСЦЬ СТАРАЖЫТНАРУ́СКАЯ,
жанр старажытнарускай л-ры, які аб’ядноўвае апавядальныя творы розных відаў (воінская, жыційная, бытавая, сатырычная аповесці, сказанне, гісторыя, слова, павучанне).
Вядома з 11 ст. Напачатку гэта былі перакладныя (пераважна з грэч.) творы — «Гісторыя Іудзейскай вайны» Іосіфа Флавія, прыгодніцка-фантастычная «Александрыя» пра Аляксандра Македонскага, гераічнае «Дзяўгеніева дзяянне», павучальныя «Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», апакрыфічныя «Пра стварэнне Адама», «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах». Амаль адначасова ўзніклі і арыгінальныя, пераважна гістарычныя, аповесці. Для кожнай жанравай разнавіднасці існавала свая літ.-эстэтычная рэгламентацыя. У 11—13 ст. пераважаў стыль манум. гістарызму, якому ўласцівыя значнасць тэм і праблем (веліч радзімы, сэнс чалавечага жыцця), ахоп падзей у буйных гіст. маштабах і вял. прасторах. На пач. 12 ст. ўзніклі агіяграфічныя аповесці «Сказанне аб Барысе і Глебе», «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і інш. (гл. Жыціе). Асаблівую папулярнасць набылі воінскія аповесці пра гераічную барацьбу за незалежнасць роднай зямлі («Слова пра паход Ігараў»). Блізкія да іх і царк. біяграфіі вядомых гіст. асоб («Аповесць пра жыццё Аляксандра Неўскага»). Аповесць старажытнаруская перыяду Кіеўскай Русі належыць да культурнай спадчыны рус., бел. і ўкр. народаў. У далейшым яна развівалася ў межах рускай літаратуры.
Аповесці старажытнарускія шырока бытавалі на Беларусі, а многія з іх у 15—17 ст. перакладаліся на бел. мову, перапрацоўваліся, уваходзілі ў буйныя творы інш. жанраў. Так, у 15—16 ст. з’явіліся бел. апрацоўка апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» — «Аб дванаццаці пакутах», бел. рэдакцыя «Сказання пра Мамаева пабоішча» — «Мамаева пабоішча»; «Аповесць пра разбурэнне Батыем Разані» была ўключана ў Беларуска-літоўскі летапіс 1446.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
История русской литературы Х—XVII веков. М., 1980;
Старинная русская повесть: Статьи и исслед. М.; Л., 1941.
Л.Л.Кароткая.
т. 1, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)